З любоўю да дзяцей

Заўсёды, яшчэ толькі беручы ў рукі тую ці іншую кнігу Міколы Чарняўскага, адчуваеш радасць і асалоду ад яго твораў.

Вось і новая кніга гэтага выдатнага дзіцячага пісьменніка “Глобус-уцякач” прыводзіць у захапленне. Выйшла яна ў новай серыі “Нацыянальная літаратурная прэмія”, арыгінальна аформлена таленавітай мастачкай Кацярынай Пігуль і прыйдзецца даспадобы многім чытачам. І не толькі дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, якім адрасавана, але і ўсім, хто возьмецца яе чытаць.
Творы Міколы Чарняўскага не толькі забаўляюць, але і, што галоўнае, павучаюць юных чытачоў. Вучаць добраму, светламу, выхоўваюць найлепшыя чалавечыя якасці. Да прыкладу, вершы “Колькі”, “Ці займеннік, ці прыслоўе?”, “Што за літары такія?”, “Падзяліла” лепш падручніка растлумачаць дзецям некаторыя цяжкасці ў граматыцы, арыфметыцы, іншых прадметах, якія вывучаюцца ў пачатковых класах. Прычым нязмушана, можна сказаць, на вясёлай ноце, вельмі даступна і запамінальна. Нават навучальныя прыналежнасці і прыстасаванні пад пяром таленавітага паэта ажылі ў вершах “Глобус-уцякач”, “Забаўны рукзачок”, “Дзе веды носяць?” Аўтар праз вобразы звяроў паказвае негатыўнае ў паводзінах дзяцей, якія лянуюцца вучыцца, дрэнна сябе паводзяць.

Асобная нізка вершаў – гумарыстычна-сатырычныя. Пісьменнік высмейвае ляноту, недысцыплінаванасць, неахайнасць і іншыя заганы, уласцівыя некаторым з герояў твораў. Разам з тым канцоўка гэтых вершаў заўсёды аптымістычная, выказваецца ўпэўненасць, што негатыўныя з’явы будуць пераадолены, героі пазбавяцца ад сваіх недахопаў. З мяккім гумарам паэт змагаецца за чысціню і шчырасць душ юных чытачоў, падказвае, як стаць лепшым, каб паважалі сябры-равеснікі, настаўнікі, бацькі і ўсе, з кім даводзіцца мець справу.

Змешчаныя ў новай кнізе творы тэматычна разнастайныя, але ўсе яны прысвечаны дзецям, іх штодзённаму жыццю, узаемаадносінам паміж сабой і з дарослымі. І нават раскрываючы негатыўныя рысы некаторых герояў, пісьменнік не можа схаваць сваёй любові да дзяцей, да захаплення самай цудоўнай парой у жыцці чалавека. Аўтар шчыра жадае падрастаючаму пакаленню шчаслівага дзяцінства.

Міхась СЛІВА, член Саюза пісьменнікаў Беларусі

Похожие записи