Пісьменнік з нашых мясцін

Творчасць Міколы Чарняўскага знаёма многім пакаленням дзяцей, падлеткаў і дарослых. Яго творы ўвайшлі ў залаты фонд беларускай дзіцячай літаратуры. Пра пісьменніка можна сказаць: яскравае ўвасабленне нашага часу.

Мікалай Мікалаевіч – заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, выдатнік народнай асветы, выдатнік друку Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра, прэміі імя Васіля Віткі часопіса “Вясёлка”, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, чатырохразовы лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў на лепшы твор для дзяцей і юнацтва. У 2007 годзе за высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай літаратуры і культуры ён быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Нарадзіўся наш зямляк 16 студзеня 1943 года ў вёсцы Буда-Люшаўская ў сялянскай сям’і. Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў рэдактарам Беларускага радыё, літаратурным супрацоўнікам, старшым рэдактарам аддзела, адказным сакратаром часопіса «Бярозка», літаратурным рэдактарам часопіса «Вясёлка». За шмат гадоў творчай дзейнасці выдадзена больш за 40 кніг для дзяцей і дарослых, і кожная з іх нясе святло дабрыні, мудрасці, душэўнай цеплыні.
Новыя творы Міколы Чарняўскага вызначаюцца не толькі вынаходлівасцю казачных сюжэтаў, але і трапнасцю жыццёвых назіранняў, іх сучасным аздабленнем. Яны запрашаюць юнага чытача ў дзівосны і таямнічы свет дзіцячай душы, прыроды, жывога роднага слова. Як і раней, паэт застаецца верным свайму прынцыпу: кніга – гэта свята для дзяцей.
Цэнтральная раённая бібліятэка цесна супрацоўнічае са знакамітым беларускім пісьменнікам-земляком і стварыла ўнікальную кніжную інсталяцыю з тэкстылю з яго вершамі “Колькі ў сонейка сяброў”, якая выклікала ў чытачоў шчырую цікавасць і захапленне. А Мікалай Мікалаевіч перадаў бібліятэцы пяць сваіх новых выданняў з кранальнымі аўтографамі-звяртаннямі да юных чытачоў: “Куды вядуць куты”, “Здарэнне ў цырку”, “Ноткі-ляноткі”, “Акадэмія” на колах” і “Ліса-калядоўшчыца”.
Віншуем шаноўнага Мікалая Мікалаевіча з днём нараджэння і зычым яму добрага здароўя і плёну ў творчасці!

Па матэрыялах цэнтральнай раённай бібліятэкі падрыхтавала Алена БЕЛКА

Похожие записи