Навучыць бяспецы з дзяцінства

Бяспека — гэта не проста набор правілаў, гэта лад жыцця, якому трэба вучыць з самага ранняга ўзросту. У сувязі з гэтым работнікі Буда-Кашалёўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях правялі шэраг навучальных мерапрыемстваў з вучнямі малодшых класаў школ і выхаванцамі дзіцячых садоў, якія накіраваны на фарміраванне ў дзяцей навыкаў бяспечных паводзін у розных сітуацыях.

Асноўная мэта гэтых мерапрыемстваў — азнаямленне дзяцей з дзеяннямі пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, як правільна дзейнічаць у выпадку пажару. Работнікі РАНС растлумачылі, як хутка і бяспечна пакінуць памяшканне, напомнілі нумары экстраных службаў, якія дапамогуць дзецям упэўнена дзейнічаць у крытычнай сітуацыі. Адным з асноўных аспектаў навучання стаў практычны занятак па выкліку ратавальнікаў.

Асаблівая ўвага была нададзена гульням з агнём. Дзеці даведаліся, што запалкі — гэта не цацкі, нават маленькая іскрынка можа прывесці да бяды.

— Нярэдка гульні з агнём прыводзяць да пажару, які ў сваю чаргу наносіць урон маёмасці і траўміруе людзей, — адзначыў інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Аляксандр Хацулёў.

Акрамя таго, работнікі РАНС расказалі дзецям, што гуляць з дробнымі і вострымі прадметамі таксама небяспечна, яны могуць прычыніць шкоду.

Навучанне правілам бяспекі — важны крок да фарміравання адказнага пакалення. Такія мерапрыемствы дапамогуць дзецям не толькі захаваць сваё жыццё, але і стаць узорам для іншых у пытаннях бяспекі.

Буда-Кашалёўскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях

Похожие записи