Люблю я восеньскія знакі
Гэты радок з верша беларускага паэта, драматурга, журналіста, нашага земляка Уладзіміра Іванавіча Дзюбы, якому 24 лютага споўнілася б 80 гадоў.
Дзяцінства яго прайшло ў вёсцы Патапаўка. Свой першы верш будучы паэт апублікаваў у Буда-Кашалёўскай раённай газеце яшчэ ў школьныя гады. Тады яна называлася “Ленінскі шлях”. А ў рэспубліканскім друку, у газеце “Чырвоная змена”, упершыню са сваімі творамі выступіў у 1963-м.
Пасля заканчэння аддзялення беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзімір Дзюба вярнуўся на Будакашалёўшчыну, працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Мікалаеўскай сярэдняй школе. Праўда, праз год педагагічнай дзейнасці пайшоў у армію.
Уладзімір Іванавіч быў чалавекам творчым і ў далейшым педагогіку змяніў на журналістыку. У 70-х гадах ён працаваў рэдактарам на Гомельскай студыі тэлебачання, затым літсупрацоўнікам выдання “Гомельская праўда”. У сталіцу нашай краіны – г. Мінск пераехаў у 1978 годзе, уладкаваўся карэспандэнтам у газету “На страже Октября”. Аднак з 1980 года ён ужо старшы рэдактар літаратурна-драматычнага вяшчання на Беларускім радыё.
![]()
Наш зямляк – аўтар зборнікаў паэзіі «Вуліцы без назваў», «Кругазварот», «Карані бліскавіцы». Напісаў радыёп’есы ў вершах «Жыццё рэвалюцыянера», «Я. Арлоўскі», «Нарачным. Рукевічу. Рылееў». На жаль, у верасні 2008 года Уладзіміра Іванавіча не стала. Друкуем некалькі яго вершаў:
Люблю я восеньскія знакі,
Калі барвовыя сады.
І луг, ягоны покрыў мяккі,
Не прыхапілі халады.
Калі спружыняць пад нагамі
Ля цёплай завадзі імхі,
І неба шырыцца над намі
Як заімглёныя шляхі.
Да неба – лес.
Гамоняць шаты.
Мне той гамонкі блізкі сэнс:
Бы звон, у беларусаў хаты.
Яшчэ б! Навокал гэткі лес.
Я на адну цябе малюся
Я на адну цябе малюся,
Хоць бачу ўсё цябе радзей.
Таму і б’ецца сэрца ў скрусе,
Што не збылося шмат
надзей.
І ўжо не менее трывога,
І ў горле горычы камяк.
Ты не судзі мяне так строга,
Ты не судзі мяне ніяк.
Твайго суда я не баюся.
Хай іншых твой асудзіць суд,
Што я любіць цябе пазнюся,
Што гэта верх маіх пакут.
Прыпяць
З вышыні арлінага палёту
галінкаю здаецца Прыпяць мне.
Здаецца, што на Прыпяці не лодкі –
Пупышкі набухаюць па вясне.
Яшчэ імгненне – і пупышкі лопнуць,
Кастрамі ўспыхне роўны глянц ракі.
І будзе юшка выкіпаць на лотаць,
І песню завядуць палешукі.
Алена БЕЛКА